Калiсь яшчэ свет толькi зачынаўся, дык нiчога нiдзе не было. Усюды стояла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нiбы камень, нiбы што. Адзiн раз Пярун як разыграўся i давай пыляць стрэламi ў гэты камень. Ад яго стрэлаў выскачыла тры яскаркi: белая, жоўтая i чыраонвя. Упалi тыя яскаркi на ваду; з гэтага ўся вада скаламуцiлася, i свет памуцiўся, як хмары. Але па некаторым часе, як усё высветлiлася, дык i адзначылася – дзе вада, дзе зямля. А яшчэ па некаторым часе завялося i ўсякае жыццё i ў вадзе, i на зямлi. I лясы, i травы, i звяры, i рыба, а пасля i чалавек завёўся: цi ён прыйшоў адкуль, цi вырас тутака.

Па некаторым часе гэты жыхар стаў заводзiць свае чалавечыя парадкi. Цi доўга ён так жыў, цi мала, але меў ён ужо сваю сялiбу, меў многа жонак, а яшчэ больш дзяцей. Было яму прозвiшча Бай. А як прыйшла яго гадзiна смерцi, дык ён склiкаў сваiх сыноў i падзялiў усю сваю маёмасць. Толькi аднаго сына запамятаваў. Той у гэты час быў на палешнi (паляваннi), i з iм былi любiмыя бацькавы сабакi Стаўры i Гаўры. Прозвiшча гэтаму сыну было Белаполь.

Неўзабаве пасля смерцi бацькi вярнуўся Белаполь з палешнi. А браты яму кажуць:
– Вось бацька падзялiў нам усю сваю маёмасць, а табе ён адказаў сваiх сабак, дык яшчэ наказаў, каб ты iх пусцiў па волi: аднаго – у правы бок, а другога – у левы; колькi яны зямлi аббягуць у дзень, дык гэтая ўся зямля твая будзе.

Вось пайшоў Белаполь i злавiў дзвух птушак, прыляцеўшых адну з паўднёвага мора, другую з заходняга. Пусцiў адну птушку на поўдзень, ды i кажыць адной сабаке:
– Бяры!

Пусцiў другую на захад i кажа другой:
– Хапай!

Як паляцелi тыя птушкi: адна ў адзiн бок, другая ў другi… Як пабеглi сабакi за птушкамi, дык ажно зямля закурылася… Як пайшлi тыя сабакi, дык i да гэтага часу не вярнулiся, а па iх слядах дзве рэчкi працягнулiся, у адзiн бок прайшла Дзвiна, а ў другi бок – Дняпро.

Вось у гэтых абшарах Белаполь i пачаў сялiцца ды заводзiць свае лады…

У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развялiся розныя пляменнi пад прозвiчам БЕЛАРУСЫ. Яны i да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды жыта сеяць.

БАЙ, Бой, Буй, князь, міфічны першанасельнік Беларусі, родапачынальнік беларускага этнасу. Меў князь Б. два любімых сабакі незвычайнай моцы і кемлівасці, якіх звалі Стаўры і Гаўры. Любімым заняткам Б. было паляванне з лукам у пушчах на дзікіх звяроў. А Стаўры і Гаўры на загад старога князя народ і дагэтуль ушаноўвае адзін раз на год перад Сёмухай. Дзень гэты завецца Стаўроўскія дзяды. СТАЎРЫ І ГАЎРЫ, два ўлюбёныя сабакі легендарнага князяБая/Боя/Буя. Былі яны неверагоднай моцы, маглі напару раздзерці нават мядзведзя і не раз ратавалі свайго гаспадара і ад драпежных звяроў падчас палявання, і ад лютых ворагаў. Князь вельмі любіў сваіх верных сабак і, яшчэ калі яны былі жывыя, загадаў свайму народу шанаваць іх пасля іхнае смерці. Паводле падання, С. і Г. былі пахаваныя блізу цяперашняга Краснаполя Расонскага р-на ля берага Дрысы. Па пастанове Бая народ стаў ушаноўваць пахаваных сабак адзін раз на год напярэдадні Сёмухі. Дзень гэты і атрымаў назву Стаўроўскіх дзядоў. Даўней людзі прыходзілі на месца, дзе былі пахаваны С. і Г., прыносілі ежу і пітво і балявалі да позняй ночы. Разыходзячыся, рэшткі страваў кідалі ў вогнішча і заклікалі: “Стаўры, Гаўры, гам, прыхадзіце к нам!” Гаспадар, узяўшы са стала самы ласы кавалак, нахіляўся пад стол і тройчы гукаў: “Стаўры, Гаўры, гам, прыхадзіце к нам!” На Полаччыне аналагічны абрад быў перанесены на Змітраўскія (восеньскія) дзяды і палягаў у тым, што стол выносіўся на сярэдзіну хаты і ўся сям’я тройчы абпаўзала на каленах вакол яго з прыгаворам “Шаўры, гаўры, сам прыбывай дзе к нам!” А ў наваколлі Докшыцаў, у в. Полаў народ перахоўваў нейкага ідала, вакол якога ладзіліся імпэтныя скокі і пры гэтым таксама прыгаворвалася: “Гаўры, гаўры – гам!”

Літ.: Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990. С. 88-89; Беларускі народны каляндар. Мн., 1993. С. 115; Легенды і паданні. Мн., 1983. С. 78-79; Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. Мн., 1978. С. 55; Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 3. Мн., 1985. С. 73.

Сяргей Санько. (артыкулы з кнігі “Беларуская міталёгія”)

Стаўры і Гаўры

Жыцьцё Дрэва Сусьвету


Вацлаў Ластоўскі

Сож i Няпро

Сярод глухiх пушч, цёмных бароў, на прыгорку, стаялi калiсь старыя-прастарыя харомы вялiкага валадара, сiвавалосага старца Рыдана. З канца ў канец зямлi слыў Рыдан багаццем нялiчаным, а над усе багаццi славiлася скрытая за дванаццаццю дзвярыма, дванаццаццю замкамi залатая Рыданава карона. Як адмыкалi замкi, адчынялi дзверы i выносiлi тую карону на свет, то, калi на свеце была ноч, яна днём станавiлася, а калi была зiма, то перамянялася ў лета, — так зiхацелi дарагiя каменнi на той Рыданавай залатой кароне.

Завiдвалi суседнiя валадары i князi гэтай кароне i пастанавiлi дабыць яе ў Рыдана. Сазвалi варажбiтоў i знахароў i загадалi iм прыдумаць спосаб, каб украсцi карону з Рыданавага скарбца. Варажбiты i знахары думалi тры днi i тры ночы i прыдумалi разрыў-траву, каторай калi даткнуцца замкоў, то самыя адчыняюцца, ды сон-траву, зярняткамi каторай калi пасыпаць, то ўсё наўкруг засыпае. Прыдумаўшы гэта, паслалi зладзеяў красцi залатую Рыданаву карону. Тыя, прыйшоўшы пад харомы, сыпнулi сон-зелля, i ўся варта паснула, кранулiся разрыў-травой замкоў, i замкi паспадалi. Тады ўзялi яны залатую Рыданаву карону i пусцiлiся назад.

Устаў ранiцой сiвы Рыдан, падышоў да вакна, ажно глядзь: усе варты покатам спяць, увесь народ у сне беспрабудным валяецца. I зразумеў старац адразу, што няма ў скарбцы яго залатой кароны. Падышоў ён тады да звана, ударыў раз, ударыў два, i разбудзiлiся два Рыданавы сыны: Сож i Няпро. Звярнуўся бацька да Няпра i кажа: “Вазьмi, сынок, стальную зброю, каваны меч i бяжы садамi, лугамi аж да скалiстых гор — мо’ дагонiш цекунцоў з каронай”.

Схапiўся Няпро i чым хутчэй пабег, а Сож астаўся пры бацьку. Сеў на залаты пасад стары Рыдан i кажа сыну:
— Прылажы, сынку, вуха да зямлi, паслухай, цi бяжыць Няпро?
Прылажыў Сож вуха да зямлi i кажа:
— Бегма бяжыць i не стамiўся яшчэ.
I другi раз кажа бацька:
— Прылажы, сынку, вуха да зямлi, паслухай!
Прылажыў сын вуха да зямлi i кажа:
— Бяжыць, але ўжо цяжка дыхае, — шум зямлёй iдзе.
I ўтрэцце сказаў бацька паслухаць сыну. Сын прылажыў вуха да зямлi i кажа:
— Гул зямлёй iдзе i крык вялiкi!
Тады ўстаў Рыдан з пасаду i кажа:
— Бяжы ж ты, сынку, iмхамi-балотамi на падмогу яму, бо сам адзiн не праб’ецца ён праз скалiстыя горы.

Пусцiўся Сож iмхамi, балотамi на падмогу брату, а стары бацька сам астаўся ждаць сыноў. Доўга ждаў стары, не даждаўшыся, з маркоты пачаў плакаць, седзячы на сваiм залатым пасадзе, ды з жалю прыгаварваць:

— Бадай нам, дзеткi мае, слязамi разлiцца!

Ды ўлучыў ён на такi мамэнт, што-ткi запраўды разлiлiся слязамi браты i стары бацька: у рэкi ўсе тры змянiлiся.

Дняпро плыве садамi ды лугамi, Сож iмхамi ды балотамi, а Рыдан — куды вочы глядзяць. А з таго часу ўсе сiлы ляснога краю плывуць у чужыя моры i там прападаюць…

(дадзеныя ўзяты з бачыны http://kryuja.org)

http://kryuja.org/artykuly/lastouski/sozh_i_niapro.html

Стаўры і Гаўры

Жыцьцё Дрэва Сусьвету


Вацлаў Ластоўскі

Цмок

Няма, кажаце, цмокаў? Як-то няма?! Ёсць. Напэўна ёсць… Скуль яны, кажаце, бяруцца? Ага. Пустое… Не тое што людзi ведныя, дасведчаныя, але кожны смаркач табе ў вёсцы скажа, як выводзiцца цмок, каторы дабро i грошы цягае свайму гаспадару.

Вось, прыкладам, каму няведама, што стары Грынец адпаiвае ў клецi малаком-сырадоем свайго цмока? Дык палядзi, якi ён багаты затое!

Што? Розум? Праца?! Ды ты, саколе, працуй, хоць расцягнiся, а калi табе ня йдзе рукой — усё роўна нiчога не будзе. А наш Грынец i да працы ленты, i чаркi не чураецца, а ў кiшэнi ў яго заўсёды ня менш трох рублёў пабразгуе. А зайдзi ў хату… круглы год ў яго на стале хлеб знойдзеш. I то ж хлеб!! Нi табе ў iм пылiнкi, нi пялюшынкi: з чыстага, як золатца, жытца! от табе!

Што да рублёў тых Грынцовых, то праўда, людзi рознае дзейкаюць. Хто яго ведае… мо i праўда, што склютавыя яны, фармазонскiя…

Смешны вы, панiч, гаварыць з табой, што з малым. Склют, гэта такi рубель, якi ня йдзе ад рук: колькi нi мяняй яго, ён iзноў да гаспадара ў кiшэнь вяртаецца. Але аб гэтым калi-колечы пазней раскажу.

Ты вось кажаш, што цмока нiхто не бачыў. Дый я сам бачыў i не раз, не два. Сядзь ты, саколе, восенню ноччу пры вакне, паўзiрайся ўгару, i ручаюся, што ўбачыш, як жухаюць цмокi па небе, толькi светлыя паясы рысуюцца. Чаму вясной i летам не лётаюць? Як не лётаюць? Лётаюць… А толькi не вiдаць, бо тушчма лётаюць; пуста кругом, што ад кога ён возьме вясной цi летам? А ўвосень — другое: i самы горшы харляк якоесь маймо ў сябе туляе. Цi мала хто на свае вочы бачыў гэтага Грынёвага цмока, як ляцеў, свiгтаючыся ў паветры, прасцюсенька на яго клець. Карта карце пераказуе, што калi жоўтым святлом след значыць, то гэта ён золата валачэ, а калi белым — то серабро. Грынёў цмок бялёсы, дык серабро носiць… Не, склюты яму не патрэбны! I так багацей ён. Грынь нiкагусенькi да сябе ў клець не пушчае, то таму, што ў засеках у яго грошы панасыпаны.

Кажаш, панiч, зямлi ў яго больш, як у нас, цэлая валока нядзеленая, а мы толькi па чвэртцы ды па шостцы маем. Гэта не тое. Не, i з валокi багаты не будзеш, калi няма ад “таго” падмогi. Вунь у Матуза, у Навасёлках, i зямлi валока, i дружына свая вялiкая, а грошы няма.

Дык не ж, не гультай, крый Божа! I не п’янiца. Ну, бывае, вып’е чарку ад свята, але не, не п’янiца ён. Гэта, панiчыку, таму, што ў яго злыднi завялiся. I ў нас у ўсiх злыднi па хатах вядуцца. А Грынь вывеў iх у сабе, загадаваўшы цмока…

Чаму мы не загадуем сабе цмокаў? Цяжка гэта. Я сам пробаваў, але нiчога ня выйшла… Як гэта было? А вось як. На гэта трэба мець найперш чорнага пеўня. Каб загадаваць яго, я выменяў у Цiтовiча шостку яец, у яго ўсе куры чорныя. Ой, гэты чалавек “знаецца”!.. Пасадзiў я гэта курыцу на яйкi, i праўда, вылупiлiся два чорныя пеўнiкi. Аднаго з iх, чутчэйшага, на племя пакiнуў, а другога — Бэрцы на шабас прадаў. Шэсць гадоў быў, падла, певень як певень, а на сёмы квактаць курыцай пачаў, але нiчога… Яечка такое маленькае, як галубiнае, знёс.

Э, панiчок, байкi! Я ж кажу, што певень знёс яйко, а ня курыца. Кожны певень на сёмым годзе жыцця яечка зносiць, я ж сам на свае вочы бачыў: кругленькае, прадаўгаваценькае, шыланосенькае. Саўсiм да курачага не падобнае… Вось тады гэтае яечка хутчэй я ў намiтачку дый падвязаў сабе пад паху. Знаў я, што тры гады яго трэба пад пахай насiць i каб нiхто не падгледзеў. Насiць дужа невыгодна, але, гэта, яно сабе: да ўсяго можна прывыкнуць. А вось ухавацца ад людскiх вачэй, во што цяжка. Суседзяў я ня надта баяўся: свiткi не скiдаў, у лазню не хадзiў… Але як ухавацца ад бабы?! А Марыля мая сцiпная баба — усюды нос свой уткне…

Але нiчагусенькi: зацяўся я свiткi не знiмаць нi днём анi ўночы. Каб баба ня гопталася каля мяне, я летам спаў у пунi на сене, а зiмой у клецi. Гэтак тры гады я вынасiў пеўнева яечка пад пахай, нiкому не аказаўшыся, нi сам нi разу не зiрнуўшы на яго… Калi трэцi год сышоў i нiчога — цмок не вылупляецца, — падумаў я, што яйко — заморыш было, мо’ трэба паглядзець… Але паўслухаўшыся добра, чую — пад пахай нешта цiхенька як быццам — тук, тук, тук! Ага, думаю сабе, вылупляецца мой цмок! Слабенькi ён, маленькi будзе, але я яго малачком, мядком адпаю, ведама ж, як сваю худобiнку… Ды не судзiў Бог i Мiлавiца Прачыстая… Святым днём было гэта. Пахадзiў я каля жыта i, папалуднаваўшы, шусь у паветку, заснуць пры свяце. Толькi гэта я змiрнуў павекi, аж чую, iдзе мая Марыля. Падкацiлася да мяне i цап рукой за паху.

— Што гэта, — кажа, — у цябе? — Ды торг да сябе рызмак той, у якi было ўвязана яечка. Я тут i шугнуў увесь са злосцi. Жарт, колькi гадоў мукi, надзеi тэй!..

— А, каб ты звялася! — кажу. Ды ў хрыбет, ды ў седаўку яе. А яна дай не паддавацца мне!

— Што ты, — кажа, — вылюдак, бяз дай прычыны б’есся! — Ды ўляпiлася абаруч мне ў хахол. А Марыля мая — баба, як ялаўка… Ажаргала мяне ды ў адварот мне куксанцы садзiць. Тут я спохапу ды па назласцi прытчэй крутануўся i чую — хрусь! — у мяне пад пахай… I такi свонд пайшоў, серкай i пеклам панясло, што мне аж дух заняло.

— Марыля! — крычу, — Марыля, лавi: цмок вылупiўся! — А яна як захлiбнулася сморадам тым, дык так i пакацiлася кулём-поныр’ю з сена далоў. Адсапнулася ўнiзе i клiча:

— Тумаш, цi жыў ты? Што гэта з табой? Цi не кiндзюк трэснуў?

Я толькi закляў чортаву бабу, зазiрнуў у рызманок. А адтуль пеклам нясе… i нiчагусенькi, кром шалупiнак i слаты, нямашака.

Дык хто яго ведае, быў цмок цi не?

А не, панiч, не курачае, а пеўнева было яечка! Сам жа я бачыў. Хто то ведае, мо’ i мая скацежынка, мной так працавiта кукобленая, цяпер Грыню грошы цягае… Гэта саўсiм магчыма… Чаму ж — ад мяне вылецеў, да яго прыстаў i служыць яму.

Смешны вы, панiч, — у кнiгах нiдзе аб гэтым не чыталi! I ня знойдзеце ў кнiгах. Пра наскае ў кнiгах ня пiшуць. Аб гэтым пытай ня кнiгi, а людзей ведных, то i дазнаесся. О, многа можна дазнацца пра ўсякае наскае, але ня з кнiг толькi…

(дадзеныя ўзяты з бачыны http://kryuja.org)

http://kryuja.org/artykuly/lastouski/1062_mok.html