Арэлі – прыстасаванне для гушкання. У міфалогіі звязваецца з ачышчальным вясеннім абрадам. Месцамі пачынаючы з Масленкі i паўсюль ужо з Саракоў арэлі вешалі да столі ў хаце, за бэльку у nунi ці хляве або за высокі сук на дрэве. Iмкнуліся разгайдацца як мага вышэй. Скакалі таксама на дошцы, пакладзенай на палена. На Шуміліншчыне існавала павер’е, што калі разгайдацца на арэлях як мага вышэй, то вырасце высокі лён, а таго, хто гойдаецца вышэй за ўcix, улетку не будуць кусаць камары. Блізу в. Каранікі на Браслаўшчыне вядома гара над назвай Дуб, дзе заўсёды ладзіліся арэлі. Асабліва быў пашыраны звычай гушкацца на арэлях на Вялікдзень (такая традыцыя вядомая таксама ва ўкраінцаў i іншых славянскіх народаў).

Гушканьне на арэлях
У Калінкавіцкім р–не на Саракі пры пачарговым пераскокванні-калыханні на дошцы казалі «Хто сорак раз на дошкі падскочыць, дак замуж выдеть». Не супярэчыць таму i эратычна-сексуальная афарбоўка ўласна калыхання. Дасягненне лімінальнага стану, у якім адбываецца такая трансфармацыя, магчыма, відаць, толькі ў пункце перасячэння зямной i нябеснай сфераў, дзе чалавек аказваецца вольным ад уздзеяння акаляючых яго зямных фактараў (Т. Агапкша).
У больш шырокім плане калыханне на арэлях сімвалічна ўзнаўляла акт стварэння Сусвету праз устанаўленне сувязі між небам i зямлёю, праз сцісканне-пашырэнне прасторы-часу, што i ўзбуджае ва ўдзельнікаў перажыванне акта касмічнага тварэння («смерць i новае нараджэнне»). У гэтым кантэксце арэлі ўключаюцца ў метафарычны шэраг калыска — арэля — труна.
Калыханне — адзін з улюбёных заняткаў асобных дэманалагічных персанажаў. На голлях дрэў любяць калыхацца русалкі. Убачыўшы падарожнага, яны пляскаюць у ладкі i клічуць: «Дар’я, Мар’я, ідзіце калыхацца». Паводле павер’яў, забараняецца калыхаць пустую калыску, бо ў ёй хаваецца чорт, які чакае, каб яго пакалыхалі.
А на гарэ сонца, калышуцца дзеўкі,
Гу-ля-лё, рана маё!
“Вяроўку ўкрадзем к бацькоў, лапці абуем і гарцуем цэлы дзень. Як калыхаліся, дык пелі:
Соракі, соракі, соракі, соракі,
Сорак вяровак порвалі, порвалі, порвалі,
Сорак дошчак зломалі, зломалі, зломалі,
Сорак вузлаў звязалі, звязалі.
А я калышуся і не баюся,
Скінуся з дошкі ды разаб’юся.
* А качэлі на любое дзерава вешалі?
* Два ўкапаюць сталбы, не сталбы, а на касіну так. А патом бальшую толстую палку.
* Доску, а не палку.
* Не. Доска ламаеца. Палка ж.
* Ну і калышуцца і песні пяюць. І так ужэ закалышуць, што ой-ё-ёй! Высокае. А ета ж нізка. Доска. Як разгоняцца – дак –о-о-о-й! Ні так, што дзеці.
Як я была малюсенька –
Калыхала матуленька,
Ой дуба-дуба-дуба,
Дзяўчына мая люба.
А як сталі падрастаці –
Сталі хлопцы калыхаці.
Ой дуба-дуба-дуба,
Калыхалі мяне хлопцы
То ў рэшаці, то ў каробцы,
То рукамі, то нагамі,
То пад бочак кулакамі.
Культура кожнага сучаснага народа грунтуецца на падмурку, якi сфармаваўся на аснове старажытных пракультураў i сягае глыбокай даўнiны, прасякнутай вераваннямi ў звышнатуральнасць прыроды i яе праяваў. Кожны народ мае свой мiфалагiчны комплекс, заснаваны на гэтых вераваннях i ўяўленнях, якi да нашых дзён данёс рудыменты найбольш архаiчнага культурнага пласта. Традыцыйная культура беларусаў да гэтага часу захоўвае значную колькасць старажытных мiфалагiчных элементаў.
Паколькi само iснаванне чалавека залежала ад прыроды, нашыя продкi не выдзялялi сябе з навакольнага свету. Мiфалагiчнае мысленне аб’ядноўвае ў адно цэлае ўсё, што знаходзiцца i здараецца навокал (прырода, жывёлы, раслiны, нябесныя целы, стыхii, ежа, жытло, прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, адзенне i iншыя вырабы), адушаўляе i адухоўлiвае яго, надзяляе звышнатуральнымi ўласцiвасцямi. Усе падзеi i кампаненты навакольнага свету звязаныя татальнай залежнасцю адно ад аднаго, узаемаўплываюць адно на адно, уяўляюць сабою суцэльны арганiзм. Дзеля падтрымкi гэтага арганiзму як ўстойлiвай, упарадкаванай, цэласнай касмiчнай сiстэмы адбываецца ўсеабдымная рытуалiзацыя жыцця (побыту, працоўнай дзейнасцi, сямейнага жыцця, пражывання каляндарнага часу). Кожны аб’ект сакралiзаванай этнакультурнай прасторы набывае не толькi ўтылiтарныя функцыi, але i сiмвалiчнае значэнне, звышнатуральныя ўласцiвасцi i характарыстыкi. Прадметы i аб’екты аказваюцца падзеленымi чалавечым уяўленнем на жаночыя – мужчынскiя (гарчшок – гладышка), чыстыя – нячыстыя (конь – воўк), карысныя – небяспечныя. Некаторыя з iх могуць быць адначасова i ў адной, i ў другой iпастасi: агонь i полымя, якiя могуць не толькi сагрэць, асвяцiць, ачысцiць, але i апячы, спалiць, знiшчыць.
Прадметы i рэчы, надзеленыя празмернымi ўласцiвасцямi, маглi быць сродкамi магii, варажбы, чараўнiцтва. Выдзяляюцца прадметы з высокiм семiятычным статусам (напр., каравай, маска). Такiя прадметы патрабавалi асаблiвага стаўлення да сябе ўжо падчас вырабу. Выпяканне i ўпрыгожванне караваю, напрыклад, суправаджалася комплексам рэгламентацый, абмежаванняў, магiчных дзеянняў, каб ён стаў паўнавартым сiмвалам шчаслiвага шлюбу.
Такiя аб’екты чалавечай культуры як хата, печ, касцюм таксама мелi строга рэгламентаваную форму, структуру, аздабленне. Кожны прадмет вырабляўся са строгiм выкананнем пэўнай “карыснай” тэхналогii стварэння, надзяляўся карыснымi i небяспечнымi якасцямi i толькi тады ўключаўся ў свет чалавека.
Крыніцы:
Выкарыстана фотапрацы фатографа Андрэя Лянкевіча© (аўтарскі сайт)


Leave a comment
Канал каментарыеў для гэтага артыкула