КухняВясельны каравай – абрадавы хлеб, абавязковы атрыбут беларускага вяселля. Яго выпяканне, упрыгожванне, перанос з аднаго месца правядзення абраду на другое, раздзел паміж родам суправаджаліся пэўнымі, строга рэгламентаванымі рытуальнымі дзеяннямі, прыгаворамі, песнямі. Каравай – сімвал будучага сямейнага шчасця, дабрабыту, па яго форме прадказвалі, якое будзе жыццё ў маладых. Для выпечкі караваю запрашаліся самыя паважаныя, абавязкова замужнія жанчыны, якія маюць дзяцей.

Вясельны каравай

Вясельны каравай

Каравай як адзін з асноўных атрыбутаў беларускага вяселля мае вялікую ролю. Можна сказаць, што абрад вяселля быў акальцаваны каравайнымі ритуаламі. Яно распачыналася працяглым, дэталёва распрацаваным абрадам выпякання каравая i пераносам яго ў клець, а заканчвалася дынамічным i эмацыйным абрадам міжродавага падзелу рытуальнага хлеба.

Семантычнае поле i функцыянальны спектр каравая даволі шырокія. Практычна заўсёды неадлучнымі атрыбутамі–спадарожнікамі з’яўляюцца жыта, дзяжа, каша. Kaлi зерне ў кантэксце абраду сімвалізавала патэнцыю жыцця, каша судачынялася з абрадам пахавальна–памінальнага цыкла, семантыка дзяжы цесна звязана з лімінальнымі трансфармацыямі прыжыццёвага перыяду, напрыклад змене статуса маладых у часе вяселля (учора — хлопец i дзяўчына, сёння — жаніх i нявеста, заўтра — муж i жонка); выпечаны хлеб–каравай фіксаваў закончанасць ініцыяльна–пераходнага этапу. Пацвярджэннем гэтай вepcii з’яўляецца тое, што каравай выпякаецца толькі адзін раз — пры першым шлюбе.

Прынцып падабенства (адзін з асноватворных у народнай культуры) сведчыў, што маладыя, якія ўзялі шлюб, атрымлівалі такую долю, якую ў яго заклалі жанчыны–каравайніцы. Таму да выбару каравайніц заўсёды ставіліся з вялікай адказнасцю. Імі мaглi быць вопытныя i паважаныя вяскоуцамі людзі, дбайныя i руплівыя гаспадыні. Забаранялася запрашаць да ўдзелу ў рытуале ўдоваў ці бяздзетных жанчын. Звычайна на вяселле выпякалі два караваі. У хаце маладой ён меў форму круга–Сонца, а ў хаце маладога — нагадваў форму Месяца. У народнай свядомасці існуе павер’е, што каравай прадказваў лёс маладых, гэта своеасаблівая кніга ix жыцця. Напрыклад, вялікая трэшчына пасярэдзіне прадказвала няўдалы шлюб. Як правіла, каравай меў трохроўневую кампазіцыю, што цалкам паўтарала міфапаэтычную мадэль свету або сімвалізавала радаводную сувязь. Ніжняя шырокая частка—сімвал роду, які спраўляў вяселле, сярэдняя частка сімвалізавала сям’ю, у якой нарадзіўся жаніх ці нявеста, верхняя частка — пара галубкоў, «шышачкі», «звяркі» — гэта доля маладых, якую трэба бьшо непадзельна захоўваць усё жыццё.

У беларусаў існавала традыцыя выпякаць каравай пры канцы жніва як сімвал заканчэння збору ўраджаю i адначасова падзяку i зварот да зямлі захаваць спарыну на новы год.

Старшая коровайныца коло саду ходыла,
Коло саду ходыла, дай калыну ломыла…
Дай калыну ломыла, коровая квітыла:
Ой ты ж муй короваю, я ж тыбэ убыраю.
То в лыст, то в барвынок,
То в зэлэныйі квіты,
То в зэлэныйі квіты, коб любылыся діты.

Для прыгатавання каравая браліся “з сямі палёў пшаніца, з сямі крыніц вадзіца, з сямі кароў масла, а яец паўтараста”. Падчас прыгатавання караваю прысутнічаюць не толькі анёлы, але “сам Бог коровай місыть”.

Чэрэз новыйі сіны
Тры ангелі лэтілы.
Лэтілы, лэтілы,
Дай на покуті сілы.
Дай пыталы, пыталы,
Чы коровай гібалы?
Ой шчэ ны гібалы,
Й оно так спочыналы.
Ой, гібнытэ, гібнытэ,
Да квітыны кладітэ,
По краёх – сыр да масло,
Посырод – долю-шчасце.

Пяклі каравай і ў маладога, і ў маладой. Каравай маладога часта ўпрыгожвалі месяцам, зробленым з цеста, каравай маладой – чырвонай калінай, барвінкам.

Ой був жэ я у пэчы,
Дай опік собі плэчы.
Коб жэ мні сыр да масло,
Ко б моё тіло згасло.

Культура кожнага сучаснага народа грунтуецца на падмурку, якi сфармаваўся на аснове старажытных пракультураў i сягае глыбокай даўнiны, прасякнутай вераваннямi ў звышнатуральнасць прыроды i яе праяваў. Кожны народ мае свой мiфалагiчны комплекс, заснаваны на гэтых вераваннях i ўяўленнях, якi да нашых дзён данёс рудыменты найбольш архаiчнага культурнага пласта. Традыцыйная культура беларусаў да гэтага часу захоўвае значную колькасць старажытных мiфалагiчных элементаў.

Паколькi само iснаванне чалавека залежала ад прыроды, нашыя продкi не выдзялялi сябе з навакольнага свету. Мiфалагiчнае мысленне аб’ядноўвае ў адно цэлае ўсё, што знаходзiцца i здараецца навокал (прырода, жывёлы, раслiны, нябесныя целы, стыхii, ежа, жытло, прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, адзенне i iншыя вырабы), адушаўляе i адухоўлiвае яго, надзяляе звышнатуральнымi ўласцiвасцямi. Усе падзеi i кампаненты навакольнага свету звязаныя татальнай залежнасцю адно ад аднаго, узаемаўплываюць адно на адно, уяўляюць сабою суцэльны арганiзм. Дзеля падтрымкi гэтага арганiзму як ўстойлiвай, упарадкаванай, цэласнай касмiчнай сiстэмы адбываецца ўсеабдымная рытуалiзацыя жыцця (побыту, працоўнай дзейнасцi, сямейнага жыцця, пражывання каляндарнага часу). Кожны аб’ект сакралiзаванай этнакультурнай прасторы набывае не толькi ўтылiтарныя функцыi, але i сiмвалiчнае значэнне, звышнатуральныя ўласцiвасцi i характарыстыкi. Прадметы i аб’екты аказваюцца падзеленымi чалавечым уяўленнем на жаночыя – мужчынскiя (гарчшок – гладышка), чыстыя – нячыстыя (конь – воўк), карысныя – небяспечныя. Некаторыя з iх могуць быць адначасова i ў адной, i ў другой iпастасi: агонь i полымя, якiя могуць не толькi сагрэць, асвяцiць, ачысцiць, але i апячы, спалiць, знiшчыць.

Прадметы i рэчы, надзеленыя празмернымi ўласцiвасцямi, маглi быць сродкамi магii, варажбы, чараўнiцтва. Выдзяляюцца прадметы з высокiм семiятычным статусам (напр., каравай, маска). Такiя прадметы патрабавалi асаблiвага стаўлення да сябе ўжо падчас вырабу. Выпяканне i ўпрыгожванне караваю, напрыклад, суправаджалася комплексам рэгламентацый, абмежаванняў, магiчных дзеянняў, каб ён стаў паўнавартым сiмвалам шчаслiвага шлюбу.

Такiя аб’екты чалавечай культуры як хата, печ, касцюм таксама мелi строга рэгламентаваную форму, структуру, аздабленне. Кожны прадмет вырабляўся са строгiм выкананнем пэўнай “карыснай” тэхналогii стварэння, надзяляўся карыснымi i небяспечнымi якасцямi i толькi тады ўключаўся ў свет чалавека.

Крыніцы:


Выкарыстана фотапрацы фатографа Андрэя Лянкевіча© (аўтарскі сайт)

Будзьма Разам© – Праэкт “Паганства”©

У артыкуле выкарыстан тэкст са Слоўніка Беларускай Міталёгіі© (Артыкул І. Крук, с. 227-228)