ДУБ – адно з найбольш шанаваных дрэваў беларусаў i іншых індаэўрапейскіх народаў, у беларускай міта-паэтычнай мадэлі сьвету — сімвал вечнага жыцьця. У старажытнай Грэцыі ведалі пра сьвяшчэнны дуб Зеўса ў Дадоне. Вядома значная культавая роля дуба ў старажытнагерманскіх плямёнаў.

У прусаў сьвяшчэнны дуб быў месцам пакланеньня тром багам, у тым ліку й богу навальніцы Пяруну. У грамаце галіцкага князя Льва Данілавіча ад 1302 года як мяжа ўладаньняў узгадваўся Перуноў дуб. У жамойтаў (Летува) абрадавыя дзеяньні, што ўлучалі звароты да Пяркунаса, адбывалася каля сьвяшчэннага дуба йснавала індаеўрапейская аснова *реrа- са значэньнем «дуб», «лес». Вядомы старалітоўскі рытуал здабываньня агню дзякуючы трэньню адзін аб адзін кавалкаў дубовага дрэва (звычай зьвязваўся зь Пяркунасам).

Магутны волат-дуб

У Дняпры i Дзясне (Украіна) вядомыя знаходкі культавых дубоў дахрысціянскага часу з увагнаных у ix 9 сімвалаў дэта. На славянскім сьвяцілічы ў Грос-Радэне (Усходняя Германія) па перыметры стаялі дубовыя схематызаваныя ідалы. Як aпicваў візантыйскі імпэратар Канстанцін Парфірагенет (сярэдзіна X ст.), у час плаваньня на Поўдзень русы прыносілі ахвяры дубу на дняпроўскім востраве Хорціца.

У беларускіх валачобных песьнях пры aпicaньнi ідэальнага двара гаспадара згадваецца дом, пабудаваны з дубу, а ў адной з купальскіх песьняў — дубо­вая лазьня, у якой, як мяркуецца, адбывалася пакланеньне паганскай багіні. У многіх выпадках дуб у фальклоры фігуруе ў якасьці Сусьветнага дрэ­ва, таму каля яго падножжа знаходзіцца Зьмей, а таксама воўна i йншыя рытуальныя прадметы. Зьмей можа хавацца ад бога навальніцы ў дупле, таму ў дуб часта б’юць перуны. Матыў зьмяі на воўне пад дубам выступае ў беларускіх замовах ад «гадзюкі, вужакі, сліўня». У казках пра Кашча Несмяротнага пералічваюцца ўкладзеныя адзін у другі пад дубам рытуаль­ныя сімвалы (куфар, заяц, качка, яйка, а ў iм — сьмерць Кашча). У ле­гендах пра асілкаў дуб выступае як зброя асілка. Часам сустракаецца вобраз Сокала на дванаццаці дубах, якога перамагае сьвяты Ільля (хрысціянскі заменьнік Перуна), цi згадваюцца зьмеі на трох дубах. У латыскіх народных песьнях вядомы Дуб Сонца, у які б’е бог навальніцы. Падобныя сюжэты прасочваюцца i ў літоўскіх песьнях. Магчыма, Дуб Сонца трэба інтэрпрэтаваць праз супастаўленьне з сімвалам Сонца над Сусьветным дрэвам.

У народных замовах адным з асноўных прынцыпаў кампазіцыі з’яўляецца адсылка хворага да таго часу, калі ён быў маладым i дужым, здаровым i гожым, г. зн. да перыяду яго найвышэйшага фізічнага росквіту або да моманту нараджэньня. Аналагічным часаваму параметру ў замовах выступае локус прасторы, які адпавядае месцу першатварэньня. Таму ў шматлікіх замовах лекар яўна кіруецца сам i адсылае й хворага да той прасторы, рытуальным цэнтрам якой з’яўляецца вячысты дуб: «Устану я рана-раненька, памыюся белым-беленька, памыюся-перахрышчуся. Пайду з дзьвярэй у дзьверы, з варот у вароты, выйду ў чыстае поле на ўсход сонца. Там стаіць дуб».

Займаючы першае месца ў традыцыйнай абраднасьці, дуб сімвалічна ўвасабляў моц, сiлу, мужчынскі пачатак. Пад пагрозай заўчаснай сьмерці яго забаранялася ламаць, секчы, зразаць. Затое ён як моцны энергетык дапамагаў лячыць захворваньні спіны чалавека. Пачуўшы першы гром, трэба было спінай пацерціся аб дуб.

Універсальнасьць архетыпу дуба як увасабленьня Сусьветнага дрэва выразна прасочваецца ў казках i загадках. У беларускім фальклоры вядомыя загадкі на такі сюжэт: «Стаіць дуб– старадуб, // На тым дубе–старадубе // Сядзіць пцічка–варанічка. // Hixто яе не спаймае: // Hi цар, нi царыца, // Hi красна дзявіца». «Пцічка–варанічка», якая сядзiць на вершаліне дрэва, не што іншае, як Сонца, а верхняя частка дуба належыць Богу, сьвету, дабрынi й ведам. У іншых тэкстах гаворка ідзе пра тое, што «пцічка–варанічка» выступае сімвалам сьмерцi («нiхто ад гэтай пцічкі не адхрысціцца»). Менавіта на вершаліне дуба вiсiць куфэрак, у якім прыхавана сьмерць Кашча Несьмяротнага.

Калi верхняя частка дуба сімвалiзуе сьвет вечнасьці, то яго карані адпавядаюць зоне захаваньня продкаў, зоне iснаваньня хтанічнага сьвету. Каля каранёў знаходзіцца ўваход у «Трыдзевятае царства» — царства сьмерці. Відаць, з гэтай нагоды у некаторых мясьцінах Беларусі да сьвяшчэнных дубоў прыходзілі на Радаўніцу, ахвяруючы дрэву пэўныя памiнальныя стравы, а на яго галiнах развешвалi белыя льняныя рушнікі.

У Беларусі назвы культавых дубоўАсілак, Волат, Святы дуб, Добры дуб, Стары дуб, Перуноў дуб, Вітаўтаў дуб,  Дэвайціс (у перакладзе з літоўскай мовы — Божышча) ды iнш. Шырока-вядомымi былi дуб Волат на Менскiм капішчы, дуб блізу в. Царкавiшча Ушацкага р–на, блізу в. Адэлькавiчы на Слонімшчыне, на беразе paкi Мядзелкі ў Паставах. На галiнках дуба вешалi pушнікi, да яго насiлі ахвяраваньнi (грошы).

На Палесьсі (Случчына, Тураўшчына) бытавала павер’е пра так званы ляны дуб (або лянівы дуб). Так, верагодна, называлі адзінокі дуб на лузе ці на полі. Ён вылучаецца тым, што на зіму не скідае лісьце, а ўвесну распускаецца вельмі позна. Лічылася, што калі карова з’есць павука з такога дуба, то без прычыны памрэ.

Крыніцы:


Выкарыстаны фотапрацы фатографа Крыўскі Бортнік© (аўтарскі сайт)

У артыкуле выкарыстан тэкст са Слоўніка Беларускай Міталёгіі© (Артыкул Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі, І. Крук, М. Малоха с. 153-154)