Лялька - займае сярод усіх цацак асобнае мейсца, паколькі яна ўяўляе сабою спосаб пазнаньня жыцьця  й знак чалавека, яго гульнёвы вобраз-сымбаль. У гэтай сваёй ролі яна канцэнтруе час, гісторыю культуры, краіны і народу, што адлюстроўвае йх рух і разьвіцьцё.  Нашая сувязь зь лялькай больш моцна, чымся можам сабе ўявіць. Ня маючы ані рук, ані ног, ані твару,  яна адразу пазнаецца па вопратцы й выгляду. Апранутая ў белую кашульку, спаднічку, падвязаную хвартухом, з чырвонай паскай у тоўстай касе, лялька захоўвае ў сабе народныя ўяўленьні аб жаночай прыгажосьці, гэта люстраны адбітак эстэтыкі й духоўнасьці сялянскага побыту і быцьця-жыцьця.

Этымалёгія назвы

Расейскае слова кукла паходзіць ад грэцкага kiklas – кола і абазначае нешта скручанае,  як беларускі скруташ, або згорташ. Дзяўчынкі здаўна пеленалі (скручвалі) як дзіця кавалак тканіны, дрэва ці пук саломы. Дзіцячыя лялькі выконваліся вельмі проста, умоўна. Асновай лялькі магла служыць драўляная цурка, да якой мацавалі валасы з кудзелі, ці малявалі вуглём ці зусім не выяўлялі твару, а з кавалачкаў тканіны шылі адзеньне.

Вобразы-персанажы

Персанажы былі розныя: бабы, паны, каралевы, вершнікі, пары, ваяры, музыкі, немаўляты.

Першааснова

Першапачаткова лялькі выкарыстоўваліся толькі для сямейных і каляндарных абрадаў, несьлі абярэгаваю, засьцерагальную функцыю. Яны з’яўляліся прадметам сымбалем, у якім жыў міф і рытуал, схаваныя праз сістэму кодаў у вобразах і формах. Усім вядомыя масьленічныя і купальскія лялькі. Таксама існавалі лялькі-абярэгі:  перад нараджэньнем дзіцяці рабілася лялька, якая павінна была грэць для будачага дзіцяткі люльку, рабіліся жаночыя лялькі, лялькі супраць хвароб і інш.

Гісторыя

Яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. у кожнай сям’і дзеці гулялі з традыцыйнымі лялькамі. І толькі з 1960-х гг., калі прамысловыя прадпрыемствы пачалі выпускаць мільённыя партыі цацак з пласмасы, традыцыя вырабу хатняй лялькі амаль згасла. Аднак не знікла зусім, будучы глыбока адкладзенай ў народнай памяці.

Асаблівасьці беларускай традыцыйнай лялькі

Для беларускіх лялек характэрна падабенства зь лялькамі суседніх народаў (расейцаў, украінцаў, палякаў), яны падобныя ў вобразах, назвах, функцыях і семантыцы. Разам з тым, беларускія лялькі маюць свае асаблівасьці, якія праяўляюцца ў сьціплай расфарбоўцы, прастаце выкананьня, выразнасьці й лаканізме вобразаў, мясцовых спосабаў вырабу.

Крыніцы

Церашковіч Т.А. Лялька беларуская. Мн.: “Полымя”, 1992

Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. – Мн.: “Беларуская энцыклапедыя”, 2002

Зимина З.И. Текстильные обрядовые куклы. Методическое пособие. – Мн.:2006