You are currently browsing the tag archive for the ‘Чорт’ tag.
БАЛОТА, часта — рэшткі колішніх вазёраў, якія захавалі спецыфічныя назвы: Балваны, Кравяное балота, Паганскае балота, Каралеўскае балота, Белае балота, Чорная лужа, Чортава балота, Шведава балота, Шведава яруга ды інш. Паходжаньне балотаў aпicваецца ў шматлікіх беларускіх касмаганічных паданьнях.

Мост (кладка) – у міфапаэтычнай традыцыі (сімвал сувязі паміж рознымі пунктамі сакральнай прасторы. У міфах мост будуецца на вачах вандроўніка ў самы актуальны момант i на самым небяспечным месцы. Па масту душы памерлых трапляюць у Вырай. Мост згадваецца ў калядных i валачобных песьнях. У казках фігуруе залаты мост з дрэвамi й птушкамі. Распаўсюджаны варажба каля маста (пад мастом).
ДАРОГА – у беларускай мiфалагічнай традыцыі ўвасабляе сувязь зь іншасьветам i сьветам памерлых. Так, у большасьцi беларускiх легендаў, паданьняў, былін сустрэча чалавека з Богам (часта ў выглядзе старца), сьвятымi адбываецца менавіта на дарозе. Як медыятары памiж «гэтым» i «тым» сьветам выступаюць старцы, «падарожныя» людзi. Усе знаходкі, зробленыя на дарозе, маюць незвычайны знакавы характар i, як правіла, пазітыўнае значэньне.
АГОНЬ, адна з першасных стыхіяў, якая ўдзельнічала ў акце стварэньня сьвету, у міфалагічных уяўленьнях продкаў супрацьстаіць вадзе. Па адной з версіяў вагонь, упершыню трапіў на зямлю разам з Перуном. Бог паслаў яго на зямлю, каб пакараць чорта, які спакусіў першых людзей сьвету — Адама й Еву. Чорт схаваўся за ясенем, а Бог перуном запаліў яго. З таго часу людзі пачалі разводзіць вагонь i карыстацца ім. Агонь мае амбівалентны характар: ён можа сагрэць i накарміць («справядлівы», «свойскі»), а можа i зьнішчыць, спаліць («чортаў агонь»).

